ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,

парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.

Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Літ.:

Яковлев А.Д. Порошковые краски. Л., 1987.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)